| Народныя мсьцiўцы Шоргаючы гумавікамі ў нізкарослым зарасьніку кукурузы, ён кіраваў цераз палетак наўкось і думаў, што кукуруза наўрад ці акрыяе да восені, каб хоць было што скасіць на сілас. Зрэшты, на гэтым падзоле ня надта расло і ў ранейшыя, дакалгасныя гады. Снайпер-Іван памятаў, як колісь бурчэў бацька, возячы сюды гной па вясьне: колькі яго ні вазі, ураджаю ня будзе. Такая зямля. Непадалёк за кукурузным палеткам быў іхны надзел, на якім падлетак Іван упершыню сьціснуў у даланях высьлізганыя ручкі плуга і правёў свой першы загон. Увогуле скупы на пахвалы бацька тады шчыра пахваліў сына, сказаў: будзе гаспадар, ёсьць на каго пакінуць зямлю. Аж гаспадара з Івана ня выйшла, выйшаў снайпер, а зямля засталася нікому не патрэбнай, зрэшты, таксама, як і яе былы гаспадар. Бацьку ўзялі раньняй вясной, а старэйшаму ў сям'і Івану найперш стала патрэбнай не скалектывізаваная зямля, а дровы, каб маці магла зварыць бульбу для траіх згаладнелых братоў і сястры, якія зранку сядзелі на астылай печы. I ён зь сякерай за дзягай ішоў у кустоўе, сек алешыны і па сьнезе цягаў іх на дрывотню, каб насеч дроваў і напаліць у хаце. Пра бацьку наогул стараўся не ўспамінаць, аж пакуль яго не паклікалі ў раён і не ўручылі паперку пра рэабілітацыю “за адсутнасьцю складу злачынства”. Яшчэ праз год у райфо ён атрымаў 650 рублёў — за сьмерць бацькі, якая, як было напісана ў паперцы, наступіла ў сорак другім годзе “ад язвы страўніка”. За тыя грошы Снайпер-Іван купіў новую кухвайку і бутэльку “маскоўскай”. На абмыўку бацькавай памяці. З аселіцы ён пералез цераз жардзіну ў плоце і апынуўся на сваім агародзе. Перш чым выправіцца па баразьне далей, звыкла павёў адным вокам да хляўка — ці няма дзе курэй. Другога вока ня меў, замест выбітага асколкам пасьля вайны ў шпіталі ўставілі шкляное. Але шкляное Снайпер-Іван не падабаў і ўстаўляў яго хіба як куды ехаў — ў раён ці да доктара на інвалідзкую камісію, куды спраўна выклікалі штогод. Каля дому абыходзіўся сваім апошнім, да якога прызвычаіўся за гады і бачыў навокал ня горш за двухвокіх. Хоць бы і цяпер — лёгка прыкмеціў жонку Стасю, якая, сагнуўшыся, стаяла ў бурачніку. Угледзеўшы яго, выпрасталася, хвіліну паўзіралася, пакуль ён падышоў бліжай. Мусіць, дзівілася, чаму ён так рана, калі ўсе іншыя мужыкі яшчэ шчыравалі на пайках. — Што, ці скасіў? Жонка змоўчала, мабыць, ня надта яму верачы. Але ён ня стаў яе пераконваць, моўчкі павесіў касу на вугал і пайшоў у сенцы, дзе на шуле вісела новая яго кухвайка. Ён паляпаў па кішэнях, але там было пуста, і тады ён успомніў, што два дні таму той пачак яны дакурылі ў Воўчым лагу, як выпівалі зь Ляплеўскім. З нагоды... Снайпер-Іван ужо ня памятаў, зь якой нагоды была тая п'янка, бо п'янак розных зь вясны здаралася ў іх нямала. Але ён памятаў, што, проч Ляплеўскага, там быў яшчэ малодшы Цыпрукоў зяць, міліцыянт з раёну, а пасьля набрыў абавязковы ў такой справе Дубчык. Добра пагудзелі тады, ледзьве дабрылі да аселіцы, як ужо прыгналі з пашы кароў. Ад няўдачы з куравам злосна стала на душы ў Снайпера-Івана, а тут яшчэ пачала церціся аб ягоныя гумавікі маладая кошачка, нешта замяўкала, і Іван са злосьці паддаў ёй у бок: хай не вярэдзіць душу чалавеку, у якога няма чаго закурыць. На падворку прыслухаўся: празь дзьве хаты адсюль чуваць быў мерны жалезны стукат — гэта цягавіты Саўчанка адбіваў на бабцы касу, рыхтаваўся да заўтрашняй касьбы. Але заўтра мелася быць нядзеля, і ўжо ён, Снайпер-Іван, заўтра касіць ня пойдзе. Хіба — з паўдня, паверне тыя ацяробкі, каб лепш падсыхалі ў кустах. Саўчанка ж, ведама, будзе шчыраваць і заўтра, як і кожнага дня, гэта такі ўжо чалавек. Што значыць, зь сям'і падкулачнікаў. Ужо ў яго напэўна будзе што закурыць, падумаў Снайпер-Іван і саступіў зь нізкіх прыступкаў ганку. За парканам на агародзе зноў выпрасталася ягоная дзябёлая жонка. — Гэта чуеш, да Касатага Вусаў прыехаў,
— лагаднейшым, чым раней, голасам паведаміла яна. Во гэта навіна, — падумаў Снайпер-Іван. Старэйшыя дзеравенцы гэтага Вусава памяталі ўсе гады да вайны й пасьля, але пасьля ніхто нідзе ня чуў і ня бачыў яго. Спакваля пачалі на яго забывацца, думалі: прапаў за вайну, як тады прападала нямала каго. Меркавалі, што туды яму і дарога. Ніхто ніколі не памянуў яго добрым словам, так ён насаліў тут за тыя некалькі гадоў, што ажыцьцяўляў клясавую барацьбу і рэпрэсіі ў іхным Богам праклятым раёне. А ён, глядзі ты, — аказваецца, жывы, здаровы, і нават прыехаў да свайго сябрука — сувязнога Касатага. Але да каго ж яшчэ мог ён наведацца?.. — Надвячоркам Манька Валодзева бачыла,
як з аўтобуса цераз аселіцу ішоў. Агародамі. Мусіць, каб не пазналі. Спраўны
такі, у капелюшы. Узварушаны той навіной, Снайпер-Іван памалу пабрыў абсаджанай каровінымі лепяхамі вуліцай да хаты Саўчанкі. Ён аж забыўся на сваю патрэбу, калі ступіў у расчыненыя варотцы сядзібы. Саўчанка, мажны, шыракагруды дзядзька зь сівою чупрынай на галаве, у белай расшпіленай сарочцы, скончыўшы адбіваць касу, прыладжваў яе да касавільна. — Чуў? — запытаў ад варотцаў Снайпер-Іван.
— Вусаў прыехаў. Вялікай рукой Саўчанка моўчкі вышчаміў зь цеснай кішэні штаноў пакамечаны цыгарэтны пачак, даў суседу, пасьля ўзяў адну цыгарэту сам. — Дык гэта што ж атрымліваецца? — закурыўшы,
ня мог чагосьці даўмецца Снайпер-Іван. — Па-новаму пачынаецца, ці як?
Саўчанка быў старэйшы за Снайпера-Івана і, у адрозьненьне ад яго, негаваркі і стрыманы ў пачуцьцях. Для таго былі свае прычыны: толькі якіх-небудзь пяць гадоў прыехаў зь Сібіры, з ссылкі, у якой адбухаў ці ня дваццаць пяць гадоў. Паехаў некалі маладым мальцам з бацькамі-падкулачнікамі, а вярнуўся сівым і старым. Паводзіў сябе ціхмана, мабыць, не адчуваючы раўнёй з астатнімі калгасьнікамі, хоць бы во і з гэтым Іванам. Гэты так загераізаваўся ў вайну, што гатовы быў забыцца пра сваё бацькоўскае прозьвішча Ярашэвіч і ахватней адгукаўся на мянушку Снайпер. Але лацно Івану, ён і праўда прайшоў агонь і ваду ў партызанцы, і хоць славы там агораў ня шмат, затое языку цяпер даваў волю. Ня тое, што Саўчанка, нядаўні ссыльны падкулачнік, які на старасьці гадоў захацеў дажываць свой век у родным кутку. Тут трэба было раз і назаўжды забыцца пра свае крыўды. Калі б яны забываліся. — Я яму пакажу, сволачы, такую яго маць! — вылаяўся Снайпер-Іван, кіруючы з падворка. На вуліцы, аднак, ён спыніўся, яшчэ ня маючы рашучасьці рэалізаваць сваю злосьць. Патаптаўшыся ля плоту, успомніў, што ёсьць яшчэ чалавек, якому варта пачуць тую навіну пра Вусава, гэта — Ляплеўскі, настаўнік, што рабіў у раёне і прыехаў цяпер у касьбу памагчы маці. Тая жыла на краі вёскі, ля сажалкі, і Снайпер-Іван рашуча скіраваў туды. Каб хоць бы параіцца, аслабаніць душу ад таго, што пачало расьпіраць яго, ад застарэлае крыўды. Калісьці той энкавэдэшнік перасаджаў палову вёскі. То быў чужынец, аднекуль прыежджы ў іхны раён, і ў іхнай вёсцы займеў сабе вернага памочніка зь мясцовых — Касатага, зь якім і саджалі, пачынаючы з трыццаць трэцяга. Але асабліва пашчыравалі яны ў трыццаць сёмым, калі загрэблі і старога Іванавага бацьку. На ўласнага стукача Касатага ў вяскоўцаў злосьці ўжо не было, яна ўся перагарэла за гады, калі гэтага недалэнгу таксама загрэблі, хоць і апошнім у тую пару, — на заедак. Праўда, таму ўсё ж неяк пашэнціла вярнуцца пасьля вайны з нажытымі ў лягеры сухотамі і таксама рэабілітаваным, як ягоныя ахвяры, што бязь сьледу пазьнікалі ў лягерах і турмах. Цяпер ён жыў-дажываў са старой бабай у старым дамку, апусьцелым ад дзяцей і сямейнікаў, якіх некалі было ў яго многа. Але сямейнікі паразьяжджаліся хто куды, бо жыць з такім бацькам было ня надта зручна, асабліва апошнім часам. Людзям Касаты казаў, што на супрацоўніцтва з ворганамі яго змусіў усё той Вусаў, бо Касаты меў грашок яшчэ з часоў рэвалюцыі, калі, будучы ў войску, пацікавіўся палітыкай і разы два наведаў партыйныя сходкі левых эсэраў. Тая цікаўнасьць дорага каштавала салдату, ды й ці толькі яму аднаму. На незагароджаным ад вуліцы падворку Ляплеўскага нікога не было відаць, але на паркане каля сенцаў віселі поруч дзьве касы з блішчастымі лёзамі, згледзеўшы якія, Снайпер-Іван зразумеў, што гаспадар дома. I яшчэ нехта апроч, які, мяркуючы па ўсім, памагаў яму на касьбе. Снайпер-Іван паціху перайшоў зарослы лапухамі падворак, зайшоў на той бок хаты і адразу ўбачыў двух мужыкоў. Пад глухой сьцяной ля старой разгалістай грушыны быў змайстраваны невялічкі столік з лаўкай, за якім цяпер сядзеў маладжавы, хоць ужо лысы Ляплеўскі і ягоны госьць Дубчык. Гэты апошні быў дужа падобны на дачасна састарэлага хлопчыка з худой шыяй і зморшчаным, бы печаны яблык, тварыкам. Абодва моўчкі ўтаропіліся ў нечаканага заходжага. На засланым газэцінай стале валяліся калівы сарванай з градкі цыбулі і стаялі дзьве шклянкі. Бутэльку, вядома, яны засьцярожліва пасьпелі прыхінуць у траву побач, што, аднак, адразу згледзеў Снайпер-Іван. — П'ем! — замест прывітаньня строга
канстатаваў той. У Бараніхі павінна штось быць — ці якая бутэлька самагонкі, ці хоць бы кіслага балгарскага віна, якое нікому не падабалася, бо слабое і добра ня вып'еш. Але, калі не было іншага, пілі, хіба толькі меней. Бо, казалі, віно — не гарэлка, многа ня вып'еш. — Дык нам чакаць ці што? — папытаўся
Ляплеўскі. Ляплеўскі з Дубчыкам засталіся, дзе сядзелі. Абое курылі і, ня маючы вялікай ахвоты размаўляць, думалі кожны на свой лад. Ляплеўскі, хоць і ня быў ад прыроды маўчун, але, даўно адарваны ад вёскі, зь вяскоўцамі размаўляў мала. Па-першае, шмат з кім тое было нецікава, а па-другое, ён ужо напярод ведаў, што ад каго пачуе. Выключэньне рабіў хіба што за сталом ці за бутэлькай, калі інакш было неяк. Іншая справа выпіць. Але шкада, што выпіваць нельга было моўчкі, прыходзілася гаварыць, што заўжды было небясьпечна, асабліва ў вялікіх кампаніях. Ды й сам-насам таксама, бо не было ніякай гарантыі, што сабутэльнік — не падасланы сексот. Вось трохі выпілі з маўчуном Дубчыкам, але набрыў гэты балбатун Снайпер-Іван, і Ляплеўскі адчуваў: цяпер пачнецца надоўга. Хоць цяпер яго трымала тут ня так жаданьне дабавіць, ня Снайпер-Іван, як навіна, якую той толькі што прынес. Каб на цьвярозую галаву, можа б усё сталася іначай, а на хмельную Ляплеўскі рабіўся надта чульлівы: старыя крыўды нечакана ажывалі ў ягоных пачуцьцях і рабіліся амаль неадольнымі. Цяпер ён з трывогай думаў пра Вусава. Найперш — глядзі ты, не баіцца нічога, калі ў такую пару завітаў на месца выкрытага свайго злачынства, якое скрозь асуджана і людзьмі, і ўладай. На што разьлічвае чалавек, якога тут дзясяткі гадоў пракліналі вяскоўцы, які пакалечыў шмат якіх сем'яў, панішчыў нямала людзей? Ляплеўскі ўсё жыцьцё перажываў за старэйшага брата Сяргея, які першы зь сям'і некалі выбіўся ў людзі і цягнуў за сабой астатніх. Яго пасьля школы ўладкаваў у настаўніцкі інстытут у Воршы, дзе рабіў сам, узяў на кватэру ў сваю каморку ў чыгуначным бараку, карміў, апранаў і выхоўваў. Выхоўваў, вядома ж, у камуністычным духу, як і належала сьвядомаму камуністу-выкладчыку. Вучыцца было нялёгка, не хапала ні харчоў, ні часу, і Сяргей кожны раз, як выходзіла якая пастанова ЦК партыі, раіў брату яе прачытаць, падказваў, якую скарыстаць дадатковую літаратуру. I ўсё прывучаў выступаць на сходках, быць актыўным камсамольцам, не ашывацца па закутках, ініцыятыўна і сьмела паводзіць сябе зь сябрамі, не губляючы, аднак, клясавай пільнасьці. Тое ня надта давалася ціхманаму малодшаму Ляплеўскаму, але ён стараўся. У інстытуце быў членам бюро камсамола, агітатарам, здаў нормы на значкі ГТО, ГСО, “Варашьшаўскі стралок”. Разы два яго ўжо выклікалі на бяседу ў органы, здаецца, мелі штось на ўвазе. Штось, аднак, добрае, нават прыемнае для ягонага лёсу. I ён чакаў. Але ўсё рухнула аднойчы паўночнай парой. Толькі ён заснуў, змораны над канспэктамі “Кароткага курсу ВКП(б)”, як у шыбіну пастукалі. Сяргея не было дома, якраз за дзень да таго паехаў на вёску памагчы маці з дрывамі, ну, і прыхапіць сёе-тое з харчу для двух гарадзкіх сыноў. Ляплеўскі адчыніў, у каморку ўвалілася чалавек шэсьць энкавэдэшнікаў, паднялі Сяргееву жонку з грудным дзіцём, запатрабавалі гаспадара. Хлопец сказаў, што выкладчыка Ляплеўскага няма дома. “Где он, говори быстро!” — запатрабаваў галоўны чэкіст з кароткімі вусікамі пад носам-бульбінай. Некалькі часу Ляплеўскі вагаўся, гадаючы, казаць праўду, ці схлусіць. Але не стрываў і сказаў, як было, што брат у вёсцы. На вёсцы тае начы яго і ўзялі. Але ўжо ня той з вусікамі, а мясцовы ўпаўнаважаны, мардаты бязвусы Вусаў. Пасьля шэраг гадоў да вайны і пасьля Ляплеўскі каяўся, што сказаў праўду, можа, трэба было паслаць іх у Віцебск ці ў Менск, — хай бы шукалі, трацілі час. А самому як-небудзь папярэдзіць брата, можа б і ўратаваўся, калі б зьехалі куды далей. Як гэта некаторыя рабілі тады. Але што было б самому, калі б тое яго ашуканства раскрылася? I без таго клопату яму хапала, часам ён ажно зайздросьціў брату, бо той зьнік невядома дзе; калі жыў, дык, мабыць, яго кармілі. Як было жыць яму — выключанаму з інстытуту, без жыльля, без прапіскі, бяз працы. Добра яшчэ, што пасьля некалькіх месяцаў бадзяньня па падстрэшшах і садках у знаёмых, уладкаваўся на чыгунку пуцявым рабочым, атрымаў карткі і нейкі заробак, які даў яму магчымасьць датрываць да вайны. У вайну трапіў пад акупацыю, ледзьве не памёр ад тыфусу ў роднай вёсцы, пасьля яго загрэблі ў Нямеччыну на Рурскія шахты... А пасьля вайны? Вэрбаваўся ў Карэла-Фінскую, вучыўся завочна і толькі тры гады таму выбіўся ў настаўнікі. А летась нават прынялі ў партыю. Ляплеўскі ўстаў ад століка, усё курачы, падышоў да плоту. Сонца ўжо закацілася за лясныя нетры, з алешніку за бульбяным палеткам насоўваўся вечаровы прыцемак, мацней запахла бульбоўнікам, прыемна павеяла дымком з суседняга коміну. Плечы ў лёгкай сарочцы ўжо ахінула вільготная сьвежасьць. Трэба схадзіць у хату ды надзець пінжак, але гаспадар бавіў час, чакаў пасланца па дабаўку. Дубчык у заношанай шэрай сьвітцы таксама цярпліва чакаў, падпіраючы худымі плячамі цеплаватыя бёрны сьцяны. — Дубчык, у цябе хоць з радні хто застаўся?
Дубчык і сапраўды жыў бабылём, адзін у старой хаце, скаціны ніякай ня меў, не трымаў нават курыцы, рабіў у калгасе па спэцыяльнасьці “куды пашлюць”, еў, дзе што дадуць. Піў, колькі нальюць, паводзіў сябе ціхмана і непрыкметна. Калі дзе перабіраў, дык там і засынаў — хоць на лаўцы ў хаце, хоць пад кустом у полі. Мужыкі яго недалюбвалі за недаросласьць, а болей за схільнасьць да дармаўшчыны — у кураве ці выпіўцы; бабы ж нават любілі — за безадмоўнасьць. Калі дзе што трэба было з мужчынскае працы — напілаваць дроваў, узьлезьці на страху да коміна ці выкапаць магілу нябожчыку, найперш клікалі Дубчыка. I той рабіў. Пра плату не пытаўся ніколі, ды яму рэдка і плацілі, — звычайна давалі на бутэльку ці самую бутэльку, якую Дубчык тут жа і выпіваў — з выпадковым сабутэльнікам. Але і сам пры выпадку не пудлаваў, калі у каго пасьпявала выпіўка. На тое ён меў адмысловы нюх і свайго не ўпускаў ніколі. Празь якіх паўгадзіны на падворку паявіўся Снайпер-Іван, за ім нетаропка ступаў Саўчанка, які моўчкі дастаў з кішэняў пінжака дзьве паўлітры, з важнасьцю паставіў на стол. — Ого! — міжволі вырвалася ў гаспадара.
Пакуль гаспадар хадзіў у хату, шукаў
хлеб і надзяваў пінжак, Снайпер-Іван з Саўчанкам налілі па шклянцы і выпілі.
Дубчык тым часам нарваў побач на агародзе ладны пук цыбулі. Затым настала
іхная з гаспадаром чарга выпіць з тых самых шклянак. У бутэльцы засталося
няшмат. — Прыехаў, падлюга! Думае, тут пра яго
забыліся. Не, я яму, падлу, таго не дарую... Ляплеўскі не запярэчыў, толькі прыслухаўся, каб зразумець, на што той намякае? Ляплеўскі заўсёды быў чуйны да нават малога намёку такога кшталту, бо за намёкам магла быць небясьпека ці яе блізкі сыгнал. Тое, што некалі пасобіла яму ў жыцьці, дало магчымасьць скончыць інстытут і нават уступіць у партыю, цяпер вельмі проста магло ўсё спляжыць. Настала іншая пара, пачалася новая палітыка, і невядома яшчэ, як там, наверсе, паставяцца да інстытуту сексотаў. Могуць тайна аддзячыць, а могуць і адкрыта спагнаць. У кожным разе было няпэўна і неспакойна. Нарабіў гэты дурань Хрушчоў вэрхалу ня толькі з кукурузай... Спакваля зусім зьвечарэла. Густаваты прыцемак праглынуў ужо агарод і падворак, накрыў дрэвы і дахі. Усё навокал сьціхла, стаілася насустрач летняй кароткай начы. Толькі пад грушынай за хатай чулася стрыманая гамонка падпітых людзей, ды мільгалі ў змроку чырвоныя агеньчыкі цыгарэтаў. Адзін, выгнуўшы крутую дугу, зьнік у гародзе за плотам. Снайпер-Іван са злосным мацюгом вырашыў: — Годзе піць! Мальцы мы ці засранцы!
Гайда помсьціць! — Во чаму ты гімнасьцёрку ўпадабаў.
Трэці год з плечаў не скідаеш, — ціха пасьміхнуўся Саўчанка. — Таму ты і снайперам стаў? — спытаў
Ляплеўскі. — Герой! — няпэўна сказаў Ляплеўскі.
Яны і яшчэ выпілі — на гэты раз моўчкі, ужо агорнутыя новым клопатам, які абрынуў на іх гэты няўрымсьлівы Снайпер. Пасьля Ляплеўскі ненадоўга адлучыўся да плоту і зноў вярнуўся да століка. Іншым разам пара было ўжо і разыходзіцца, усё ж купальская ноч караценькая, ды нейкая сіла трымала іх разам, як змоўшчыкаў небясьпечнае справы, якая немаведама яшчэ чым скончыцца. I яны ўсе сядзелі за столікам, на якім цьмяна шарэла газэта зь дзьвюма парожнімі шклянкамі. Саўчанка нялоўка неяк саўгануў локцем і скінуў кудысь кавалак хлеба, які тут жа палез шукаць у траве. I доўга ня мог знайсьці, пакуль Дубчык не намацаў яго зводдаль на сьцежцы. — I каб усе разам! Каб ніхто не сачкануў,
— папярэджваў Снайпер-Іван. Дубчык аж дробненька засьмяяўся ад таго Іванавага досьціпу, а можа, успомніўшы, што і ў яго не было нажа. Можа, гады чатыры, як зламаўся бацькаў саморобны, выкуты ў местачковай кузьні, з драўлянымі тронкамі. У сваёй бабыльскай гаспадарцы Дубчык абыходзіўся сякерай, праўда, таксама старой і заржаўленай, зь нязручнай і кароткай расхістанай ручкай. Яшчэ ягоны бацька, калгасны вартаўнік, зьбіраўся яе паправіць, маці ўсё лаяла яго за няздатны інструмэнт, ды так і не сабраўся да арышту. Тупаючы марознай зімой ля калгаснага сьвірану, ён усё сьпяваў прыпеўкі — недзе пачутыя, а таксама ўласнага сачыненьня, часам бязглуздыя, а часам з пэўным дужа надзённым сэнсам. I хтосьці яго ўчуў. Ці адмыслова падслухаў. Як арыштавалі ўначы, дык гэты Вусаў, мабыць, не стрымаўшыся, працытаваў адну, якая на ўсё жыцьцё ўрэзалася ў памяць падлетка-сына: “У калгасе добра жыць, хто на могілках ляжыць”. Бацька тады аж заўсьміхаўся з радасьці ад увагі да ягонай творчасьці. Тады наўрад ці ён прадбачыў, што і сам хута ляжа на нейкіх могілках, і паўміраюць малымі ягоныя тры дачушкі, састарыцца сынок, а тая сякера-інвалід з раструшчаным тронкам усё будзе служыць. Несьмяротная сякера. — Я гэта — па тапор зьбегаю, — ціха
прапанаваў Дубчык. — Во гэтай сякерай галаву зьнясу! Наглядна дэманструючы астатнім, як ён зробіць гэта, Снайпер-Іван шырока замахнуўся ў паветры, і сякера, зьляцеўшы з тронка, недзе тупа шпокнулася ў гародзе. — Што гэта? Што ты мне прынёс, паскуда! А ну, шукай! Дубчык моўчкі палез у гарод, поўзаў там пад плотам і ў градках, але знайсьці ня мог. Тады Снайпер-Іван выламаў бліжні кол з плоту, адкінуў на траву рэшту ссохлых лазовых перавязкаў. — Пайшлі! Ён быў ужо на добрым падпітку, але, мабыць, не заўважаў таго. Астатнія, відаць, цьверазейшыя за яго, напэўна, ужо сталі разумець сур'ёзнасьць сытуацыі і не адразу кінуліся за самазваным камандзірам. Хоць і не стрымлівалі яго. Першым з гатоўнасьцю скіраваў за Снайперам-Іванам Дубчык, пасьля з-за стала ўстаў Саўчанка. Ляплеўскі спрабаваў нешта намацаць на газэціне, ды кінуў і таксама падаўся сьледам за ўсімі. — Мальцы, не адставаць, не адставаць мне! Яны выйшлі з падворку на пустэльную ранішнюю вуліцу. Вёска спала, сонца яшчэ ня выкацілася з-за лесу, але навокал было ўжо добра відаць. Недзе ў хляве паблізу спазьнела пракукарэкаў певень, цераз вуліцу, вяртаючыся з начнога паляваньня, перабег чыйсь кот. Саўчанка збочыў на свой падворак і прыхапіў навостраную зьвечара касу — прыдасца. Ля плоту зраньня ўжо пасьвілася сівая каза Бараніхі, яна толькі азірнулася на мужыкоў і працягвала сваю традыцыйную справу. Бараніхі паблізу не было відаць, затое ў сваім двары Снайпер-Іван адразу ўбачыў жонку. Ну вядома, тая ня спала, як заўжды, калі гаспадар дзе-небудзь бавіўся, і цяпер стаяла ў варотцах. — Куды гэта вы? Жанчына засталася ззаду, а болей іх ніхто не спыняў, і яны ня надта хуткай хадою ішлі па вуліцы. Сядзіба Касатага была на канцы вёскі, і чацьвёра мужчын ня надта суладнай чарадой валакліся туды. Імі кіравала да мэты нязьдзейсьненая прага помсты, застарэлая крыўда, якая гэтак нечакана дала магчымасьць сквітацца. Ляплеўскі трымаўся трохі ў баку ад Снайпера-Івана, ягонай рашучасьці на вуліцы пачало бракаваць. Хоць ён і быў ня меней за іншых п'яны, але ня мог не разумець небясьпеку іхнай задумы, асабліва яе наступствы. Мусіць, трэба б запярэчыць гэтаму Снайперу, думаў ён, але пярэчыць усё не выпадала, і ён ішоў разам з усімі — цяпер сьледам за Дубчыкам. Дубчык жа, можа, упершыню адчуў сілу свае праваты і гатовы быў дзеля яе на што хочаш. Асабліва калі разам з мальцамі, на чале з адважным завадатарам Снайперам-Іванам. Так яны прывалакліся нарэшце ў канец вёскі. Далей ляжаў пусты выган, а да сядзібы Касатага з вуліцы вёў нядбайна агароджаны плотам кароткі завулак. Прайсьці ў той завулак мальцы чамусь асьцерагаліся. Снайпер-Іван спыніўся, за ім спыніліся астатнія. — А калі ён з нагана праз вакно... —
сказаў Ляплеўскі. Яны адышліся на другі бок пыльнай дарогі і спыніліся ля канавы. Нядоўгая вулічная праходка, падобна, стаміла іх пасьля бяссоннае ночы, і Дубчык першы сеў на зямлю за канавай. За ім на дробную, запэцканую курамі траўку апусьціліся Снайпер-Іван і астатнія. Побач Снайпер паклаў інструмэнт забойства — кол. — Я яму як урэжу! — гразіўся ён. — А вы не зявайце. Як упадзе, адразу насесьці. Галоўнае, каб усе разам. Мы яму пакажам рэпрэсію... А закурыць? Ці ёсьць у каго закурыць? Усе, аднак, маўчалі, здаецца, курава ні ў кога не было. Тады Снайпер-Іван вылаяўся і сьціх. Мабыць, трэба было патрываць, зрабіць сваю справу, а затым ужо дбаць пра курава ці яшчэ што. З-за саламяных і шыфэрных дахаў выглянула нарэшце нізкае сьляпучае сонца. Саўчанка глыбей насунуў на вочы кепку. Ягонае звыкла заціснутае пачуцьцё было на парозе нейкага выйсьця. Адчуваў, калі б яны зьдзейсьнілі тое, на што наважыліся, яму была б палёгка. Толькі во гэты Снайпер... Саўчанка пачынаў сумнявацца ў ягоных якасьцях самазванага камандзіра-завадатара, і ўсё болей стаў пазіраць не на падворак Касатага, а на сьцежку ў поле. Там, згледзеў адразу, паявілася з касой раньняя кабета Бараніха, за пуняй на гародзе стала, пастаяла, няўцямна ўзіраючыся з-пад рукі на іхную купку на выгане. Яна ішла касіць пайку, тым напомніўшы Саўчанку пра ягоную патрэбу, і ён затурбаваўся: — Ну, дзе ён там? Мне тожа касіць трэба.
Яны і яшчэ пасядзелі моўчкі. Напружана ўзіраючыся ў ненавісны падворак, які працягваў мірна спаць. Пэўна, пасьля добрага гасьцяваньня ўвечары. А можа, і ўначы. Але пачынаўся дзень, і ягоныя турботы ўсё болей апаноўвалі людзей. За парканамі суседніх падворкаў замільгалі жаночыя хусткі — гаспадыні распачыналі ранішнюю дойку, выглядвалі на вуліцу, калі пачнуць выганяць на пасту. Дбайна абскубваючы падплоцьце, да мужчын паволі набліжалася памаўзьлівая Баранішына каза. За ёй паявіліся на вуліцы тры хлапчукі, — зь цікаўнасьці да таго, што тут мела адбыцца. Паселі непадалёк пад плотам, моўчкі пазіраючы на мужчын. — Ну, што ён там так доўга! — занепакоіўся
і Ляплеўскі. — Хіба дняваць будзе? Не адказаўшы, Саўчанка ўскінуў на плячо касавільна і спорна пакрочыў краем вуліцы. Астатнія яшчэ болей апанурыліся, ужо амаль безнадзейна азіраючы абгароджаную сядзібу Касатага. Сонца тым часам прыўзьнялося над вёскай, стала прыграваць астылую за ноч зямлю. Снайпер-Іван стомлена адкінуўся на локаць, вальней выцяг у канаву доўгія ногі ў шэрых, падсохлых ад начное расы гумавіках. Трохі паляжаўшы, успомніў: Дубчык паслухмяна ўстаў і моўчкі патэпаў вуліцай у другі канец вёскі, дзе нешта павінна было застацца. Снайпер-Іван трохі пасядзеў яшчэ, але ягоная галава ўсё болей хілілася на грудзі, чалавека агортвала стома, і ён пляцнуўся плячмі на траву. — Дык што ж цяпер мы — удвох? — няпэўна запытаўся Ляплеўскі. Снайпер-Іван не адказаў. Калупаючы травіной у зубах, Ляплеўскі зірнуў на яго зьверху і зразумеў: іхны завадатар спаў. — Ну во — дачакаліся! Ён, аднак, працягваў сачыць за падворкам насупраць, ды там нічога пакуль не мянялася. Памаўзьлівая каза, між тым, ужо наблізілася да іх па канаве, недаўменна ўзьняла ад травы галаву і ўставілася на двух мужыкоў, што заміналі ёй пасьвіцца на яе звыклым шляху. Ляплеўскі замахаў рукой “Пайшла прэч!”, ды марна: каза й ня думала саступаць. Хлапчукі насупраць засьмяяліся, мабыць, ім стала цікава ўбычыць, як настаўнік будзе адганяць бадлівую казу. Ён хацеў устаць і, як мае быць, шугануць яе, ды раптам на падворку Касатага ўбачыў людзей. Ну, вядома, адзін у кухвайцы, згорблены і белагаловы, — то быў сам галоўны вясковы сексот, побач ягоная баба, а сьпінаю да вуліцы стаяў мажны плячысты мужчына ў чорным пінжаку, з партфэлем у руках. Яны разьвіталіся. Парукаўшыся, госьць лёгкім жэстам дакрануўся да сьветлага капелюша на галаве і, азірнуўшыся, пайшоў да вуліцы. — Іван! Іван! — Ляплеўскі штурхануў у бок таварыша. — Ідзе! Ён ідзе! Снайпер-Іван толькі прамармытаў нешта
і вальней выпрастаўся ў канаве. Ад прыкрасьці Ляплеўскі вылаяўся, ня ведаючы,
што рабіць. Вусаў ужо згледзеў іх тут, за дарогай, і Ляплеўскаму здалося,
зараз паверне назад — можа, на агароды... — Здарова, вучыцель! — бадзёра павітаўся
Вусаў. — На касьбу сабраліся? Вусаў узіраўся яму проста ў твар, і ў тым позірку не было ні варожасьці, ні насьцярогі, адна спакойная ўпэўненасьць бязгрэшнага праведніка. Зьбянтэжаны Ляплеўскі ня мог даўмецца, як яму паводзіць сябе. Снайпер-Іван ляжаў, бы нежывы, а што ён мог адзін? Ды й наогул, ці варта было што рабіць? Упэўненасьць чэкіста абяззбройвала, і Ляплеўскі толькі ўнутрана ўсьміхнуўся зь нядаўняй свае рашучасьці. А яны яшчэ турбаваліся, дурні, каб гэты чалавек куды ня зьбег агародамі. Нашто яму куды бегчы? — Я в курсе, — сказаў Вусаў, усё сьвідруючы
сваім валявым позіркам. — Всех реабіліціравалі, выплацілі дзеньгі... Ён падаў на разьвітаньне руку, і Ляплеўскі, бы да агіднай жабы, слаба дакрануўся да яе. Затым хвіліну пазіраў усьлед яго мажнай, крутаплечай постаці, як ён усё далей ішоў па вуліцы, абмінаючы ссохлыя і сьвежыя каровіны лепяхі ў доле, і ня ведаў, што рабіць. Нават, што думаць. Са спазьнелаю злосьцю зірнуў на распластанага за канавай Снайпера, пад нагамі якога валяўся сухі кол з гнілым абламаным канцом. Пасьля вылаяўся і паплёўся да свайго падворку. Знойдзена: Беларуская Палiчка
|