|
Выстава "Васiль Быкаў: маляваны дзёньнiк пiсьменьнiка"
(20 чэрвеня - 16 лiпеня 2004 г.)
Выстава дае прадстаўленьне
пра невялiкую частку вялiзнай – як выявiлася – ґрафiчнай спадчыны Васiля
Быкава, клясыка беларускай лiтаратуры XX стагодзьдзя.
Дзёньнiкаў у звычайным для нас выглядзе – з датамi ды рэгулярнымi запiсамi
– Быкаў нiколi ня вёў. Але замалёўваў iмгненныя ўражаньнi ўсё жыцьцё.
З алоўкам цi асадкай Васiль Уладзiмеравiч не раставаўся нiколi – маляваў
на шпацыры, на вакзале, рабiў нататкi ў залях паседжаньняў, на адпачынку,
у дарозе… Ды кожную замалёўку пазначаў датай – вось чаму магчыма назваць
гэту ґрафiчную кронiку асабiстага жыцьця дзёньнiкам. У гэтых малюнках
раскрываецца ягоны характар, бачаньне сьвету, афарбованае падчас мяккай,
але часта й горкай iронiяй – перш за ўсё самаiронiяй.
Шырокiя колы ўпершыню ўбачылi некалькi малюнкаў Васiля Быкава ў восьмым
нумары часопiса «Дзеяслоў», дзе былў надрукаваны таксама рабочыя запiсы
пiсьменьнiка, дзёньнiкавыя па характару. Вось менавiта пасьля гэтай публiкацыi
й iнфармацыi пра яе ў газэце «Комсомольская правда» i ўзьнiкла думка пра
выставу, за што хацелась бы выказаць падзяку галўнаму рэдактару «Дзеяслова»
Барысу Сачанку й журналiстцы Надзеi Белахвосцiк.
Выстава зьяўляецца першым вопытам супрацоўнiцтва Галерэi ЕГУ з нядаўна
створаным культурным фондам «Артэко». Агульныя мэты дзвюх структур – садзейнiчаць
выяўленьню й абароне тых форм культурнай спадчыны, якiя знаходзяцца як
бы навiдавоку, малавядомыя цi зусiм невядомыя культурнай грамадскасьцi.
Да такiх зьяў адносяцца матэрыялы, прадстаўленыя на выставе «Васiль Быкаў:
маляваны дзёньнiк пiсьменьнiка».
"Маляваны дзённiк Быкава: ад смешнага да вялiкага. Дзякуй аўтару! I
дзякуй аўтарам! Непадробная жыцця аўра. Людка Сiльнова, пiсьменнiца."
|