by-мэню
eng-menu
ru-меню

"Сэрца над Пражскiм Градам"
газета "Народная Воля" ад 14.12.2002

Васiль Быкаў будзе жыць у Чэхii


"Помаявшись в Европе, Быков вернется домой. Там он не нужен никому". Сяргей КАСЦЯН, дэпутат Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь.

"Даць Васiлю Быкаву i ягонай жонцы магчымасць жыць у Чэхii -- гэта не толькi наш абавязак, гэта вялiкi гонар для нашай дзяржавы". Вацлаў ГАВЕЛ, прэзiдэнт Чэхii.


У апошнiя днi Чэхiя паказала, хто ў Еўропе сапраўды не патрэбны, а каго тут чакаюць. Год таму Вацлаў Гавел сказаў Васiлю Быкаву, што ў ягонай асобе ён вiтае дэмакратычную Беларусь. Калi дадаць, што цягам апошнiх гадоў гасцямi ў Пражскiм Градзе былi Iвонка Сурвiлла, Зянон Пазняк, Станiслаў Шушкевiч, лiдэры дэмакратычных партый, -- дык зразумела, што чакаюць у Еўропе тых, хто ўвасабляе iмкненнi беларускага народа да незалежнасцi i свабоды.


У Еўропе сапраўды даўно чакаюць Беларусь. Праўда, без некаторых адыёзных асобаў.


З гэтага тыдня Васiль Быкаў разам з жонкай маюць бестэрмiновую чэшскую вiзу, будуць стала жыць у Чэхii, але гэта -- не палiтычны прытулак. Застаючыся беларускiмi грамадзянамi, яны, канешне, будуць наведваць Радзiму. Дзе, акрамя блiзкiх i сяброў, Быкава сустракае i цкаванне з боку працiўнiкаў незалежнасцi Беларусi, дэмакратыi, свабоды слова, усяго таго, што Быкаў абараняў i што ён у свядомасцi еўрапейцаў сiмвалiзуе.

Нашчадкi ўладароў i праз стагоддзi вымушаны апраўдвацца за дзеяннi сваiх продкаў i, што паказальна, не толькi за войны цi забойствы апанентаў, а i за цкаванне вялiкiх творцаў. Ужо зразумела, што адным з найбольш сур'ёзных абвiнавачванняў Лукашэнку будзе арганiзавана ягоным прапагандысцкiм атачэннем цкаванне Быкава.


Летась у вераснi прэзiдэнт Чэхii падпiсаў мне кнiгу, намаляваўшы абрысы сэрца. Аказваецца, сэрца -- гэта пастаянны элемент подпiсу Гавела. Цяпер, калi Васiль Уладзiмiравiч i Iрына Мiхайлаўна прыехалi ў Прагу, над прэзiдэнцкiм палацам у Пражскiм Градзе запалiўся чырвоны неонавы абрыс сэрца -- Вацлаў Гавел, якi праз некалькi тыдняў сыходзiць з пасады прэзiдэнта, гэткiм чынам вiтае суайчыннiкаў i гасцей старажытнай Прагi ў перадкалядныя днi.


А якая выява пасуе для прэзiдэнцкай рэзiдэнцыi ў Мiнску?

Сяргей НАВУМЧЫК.
Прага.

hosting provided by ext|media