Нас зь беларусамі
дзяліў досьвед 60-х Васіль Быкаў не адразу стаў прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-цэнтру, які запрацаваў на пачатку 90-х высілкамі няўрымсьлівага Карласа Шэрмана — гэты рэпатрыянт з Уругваю ведаў некалькі моваў, а галоўнае, меў дзелавую хватку і арганізатарскія здольнасьці. Займаць пры віцэ-прэзыдэнту Шэрману пасаду прэзыдэнта было, мабыць, лёгка і спакойна. Яшчэ ад 60-х гадоў Быкаў быў для мяне клясыкам, адным зь нямногіх, каго шанавалі й чыталі. На пачатку 90-х у агульным грукаце ад падзеньня куміраў неяк раптам збляднелі вядомыя імёны. “Сьмелыя аповесьці” Чынгіза Айтматава пасьля падзеньня цэнзуры страцілі тую загадкавасьць “высокіх узгадненьняў” і грамадзкую напругу, якая стварала вакол іх трывожны арэол. А пра аўтара беларускіх партызанскіх аповесьцяў раптам забыліся. Кніжны рынак запоўнілі сэнсацыйныя выкрыцьці. На паверхню выплылі раней забароненыя лягерныя тэмы, папулярнаю стала газэта “Совершенно секретно”. У бэстсэлеры выйшла аповесьць Рыбакова “Дзеці Арбату”. З даўнейшага чытаньня пра беларускую літаратуру ў маёй памяці чамусьці адбілася фраза зь нейкага газэтнага разносу “ідэйна нясьпелых”: “Тры разы ўрадам адзначаны, а сам сапсаваўся дазваньня”. Ужо не згадаю аўтара, але выраз ёмісты, варты цэлага апавяданьня.
Нас зь беларусамі дзяліў досьвед 60-х гадоў. Украінцы запаўнялі палітычныя вязьніцы й лягеры, а беларусаў тамака было вобмаль. Хоць я знаў, у Беларусі ёсьць такія ж настроі, як і ўва Ўкраіне. Але калі Адамовіч і Быкаў маюць свой спосаб нацыянальнае самаабароны, дык дзякуй Богу. Часам да Кіева ад беларусаў у 60-я гады даходзілі вальнадумныя лісты. Мне здавалася, што ў Беларусі няма асяродку для падтрымкі самвыдаву і беларусы шукаюць аддушыны збоку. Але ж кожны “самвыдаў” мусіць мець уласнае нацыянальнае жыватворнае асяродзьдзе і свайго ўдзячнага чытача. Бяз гэтага “самвыдаў” не народзіцца. У 1970 годзе я прачытаў яшчэ “сьвежае” эсэ Валянціна Мароза “Майсей і Датан” — і адразу запратэставаў. Натуральна, там была праўда аб правінцыйных рабах, якія хочуць у сябе і ў школе, і ў музэях, і дома арганізаваць “куточак Масквы”. Але хіба ўва Ўкраіне бракавала такіх рабоў? Мяне ўдарыла непрыемнаю фразаю пра беларусаў як нацыю рабоў. Зразумела, што беларусам бракавала ў гісторыі Хмяльніцкага, у літаратуры — Шаўчэнкі, у XX стагодзьдзі — Пятлюры й Бандэры. Але бальшавіцкая чума, а пасьля бесьперапынная вайна іх гэтак выкасіла, што ня дай Божа! А рух супраціву вымагае прынамсі пяці адважных і маральна загартаваных грамадзянаў, што знаходзяць і падхопліваюць эстафэту. Ведама, шкада, што ў лягеры няма беларусаў: кожная нацыя мусіць пасылаць у ахвяру сваіх Дон Кіхотаў… Стануць жа перад Нябёсным Пасадам тыя, у белых шатах, каго замардавалі за слова веры… Я тлумачыў сабе сытуацыю тым, што беларускія
цэка не такія шчарбіцкія, як нашы. А галоўнае, тым, што крытычная сіла
супраціву ў Беларусі не такая вялікая, як ува Ўкраіне, і тамака душаць
абуджаных неўпрыкмет. Гэтак, як у нас у райцэнтрах. Словам, беларусы выклікалі ў мяне спагаду й пашану, не зважаючы нават на тую мазырскую савецкую бабулю, якая, падслухаўшы маю размову з прыяцелямі, пабегла за мною з пагрозамі даказаць. Адзін толькі беларус Уладзімер Караткевіч важыць больш за тысячу такіх “прадуктаў эпохі”. Дарэчы, сярод кіеўскіх студэнтаў і моладзі ён быў пашыральнікам нацыяналістычнага фэрмэнту... Але гэта наша супольная доля, што на працягу некалькіх пакаленьняў секлі галовы. Зазвычай гэта прыводзіла да зьяўленьня масавае ляяльнасьці і яе вестуноў у літаратуры, дзе, кажучы словамі Васіля Быкава, “у некаторых нашых майстроў слова бачым па шэсьць-восем ордэнаў — не за вайну, за літаратуру”. І далей: “За часамі таталітарызму нацыя адвярнулася ня толькі ад рэлігіі, а і ў вялікай ступені ад нацыянальнае ідэі”.
Калі я наведаў Беларусь, мяне ўразіла савецкая нязьменнасьць сталіцы. Але й прыемная чысьціня вуліцаў. Нават уявілася, што сам Лукашэнка ўранку ў белым хвартуху праходзіць з драпачом, каб паказаць, як трэба ўтрымліваць фасад. Усе беларускія пісьменьнікі ў сваіх выступах былі выразна апазыцыйнымі і аднадушнымі ў падтрымцы вострых выступаў з трыбуны. Там праблісквалі яркія публіцыстычныя таленты, якіх бракуе і ўкраінскай, і расейскай літаратурам. Мне здалося, што ў Беларусі расейскамоўны пісьменьнік застаецца беларускім, тады як у нас — гэта ўжо па-за ўкраінскаю літаратураю. У кожным разе, расейскамоўная Сьвятлана Алексіевіч — гэта беларуская пэрліна, дар рэдкаснае праўдзівасьці. У апошні мой прыезд улетку 1998 году ўранку прыйшоў у гатэль прывітаць гасьцёў Васіль Быкаў. Між намі была рака жыцьця: колішні прызнаны клясык беларускае літаратуры і колішні вязень, гнаны за пазыцыю ў літаратуры. Але мы былі на адным беразе й шанавалі адзін аднаго за аднолькавасьць сьвятыняў. І ўсё ж за горыч лёсаў… Я ня памятаю больш удзячнае аўдыторыі, чым беларуская. Ды мне стаіць уваччу разьвітаньне. Тым летам 1998 году міжнародная канфэрэнцыя ПЭН-клюбу ў Менску супала ў часе зь міжнародным Біблійным сымпозіюмам у Любляне. Дык жа пасьля свайго дакладу ў перапынку я перапрасіў, што мушу адбыць раней, і разьвітаўся з усімі. Але пасьля вырашэньня фармальнасьцяў я праходзіў перад расчыненымі дзьвярыма актавае залі проці прэзыдыюму і, сустрэўшыся поглядам з Васілём Быкавым, памахаў яму рукою. Ён устаў, памахаў рукою ў адказ. І ўвесь прэзыдыюм устаў. Гэта было так значна, так велічна, што нават трохі выходзіла за межы рэчаіснасьці — як бывае ў сьне. Ён стаіць у мяне ўваччу, высокі й сівы.
І ў ягонай узьнятай руцэ я адчуваю сапраўднасьць, па-над абставінамі месца
й часу. А мо гэта накладаецца вобраз “высакарослы сівы беларус” з твору
Някрасава. Але глыбокі погляд Васіля Быкава стаіць і ня тоне.
|